Гібрыдная аперацыя Лукашэнкі па насланні нелегальных мігрантаў сутыкнулася са станоўчым адказам польскіх уладаў, якія пабудавалі на мяжы з Беларуссю мур ды задзейнічалі войска для аховы. Аднак гэта пачало генерыраваць сацыяльныя праблемы. Прадпрымальнікі скардзяцца на складнасці ў памежным гандлі, турыстычны сектар наракае на змяншэнне колькасці турыстаў, мясцовыя і прыезджыя часам трапляюць у непрыемныя сітуацыя з удзелам вайскоўцаў. Палітыкі імкнуцца залагодзіць сітуацыю кампенсацыямі, але цалкавітага вырашэння праблемы пакуль не бачна.
З пачатку бягучага году Памежная ахова Польшчы зафіксавала больш за 20,8 тысяч спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Пры гэтым на дадзены момант назіраецца дынаміка да скарачэння плыні нелегальных мігрантаў. Калі ў траўні было больш за 8 тысяч парушэнняў, у ліпені іх колькасць змалела прыкладна да 3 тысяч.
Польскі бок звязвае гэта з утварэннем мяжы з Беларуссю на Падляшшы 60-кліметровай буфернай зонай, куды цалкам забаронены ўезд. Буферная зона дапаўняе пабудаваны на мяжы з Беларуссю сталёвы мур працягласцю 186 км. і вышынёй 5,5 метра пабудавана, з якім спалучана сістэма камер і датчыкаў.
Дзякуючы ўведзенай урадам буфернай зоне колькасць незаконных спроб перасячэння мяжы зменшылася на 79%, заявіла Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы. Гаворыць кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк.
- Цяпер мы назіраем скарачэння колькасці нелегальных пераходаў мяжы, прыкладна на палову ад моманту ўвядзення буфернай зоны. Гэта канкрэтны рэзультат. Нам удалося заблакаваць доступ да мяжы з боку кантрабандыстаў, якія перавозілі людзей. Апроч гібрыднай агрэсіі з боку расійскіх ды беларускіх службаў, мы сутыкаемся таксама са злачыннасцю.
Дадатковы плён дало і рашэнне Міністэрства абароны ўзмацніць вайсковыя часткі на польска-беларускай мяжы, і вайсковыя патрулі пачалі больш эфектыўна стрымліваюць групы эмігрантаў, якія дагэтуль траплялі ў Польшчу праз лясы і балоты.
З 1 жніўня вайсковыя падраздзяленні будуць весці патрульныя дзеянні на мяжы з Беларуссю па новых прынцыпах. Віцэ-прэм'ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што будуць разгорнутыя дадатковыя падраздзяленні Войска Польскага.
- З першага жніўня будзе дзейнічаць новая місія. Пачнуцца дзве аперацыі: адна падрыхтоўчая, другая – па ахове мяжы, разам гэта будзе акцыя «Бяспечнае Падляшша», у якой возьмуць удзел нават 17 тысяч жаўнераў. Сёння на мяжы задзейнічана каля 6 тысяч салдат. У выпадку патрэбы мы накіруем туды дадатковыя сілы і сродкі.
З прызначаных 17 тысяч вайскоўцаў восем будуць дзейнічаць непасрэдна на мяжы з Беларуссю, дзевяць тысяч чалавек будуць знаходзіцца ў так званым стратэгічным рэзерве.
Апроч таго з пачатку года Памежная ахова заключыла чатыры кантракты на ўмацаванне муру на мяжы з Беларуссю. Два з іх тычацца набыцця сучаснага электроннага абсталявання назірання, якое будзе ўстаноўлена на муры ўздоўж рэк. Таксама памежжа будзе ўмацоўваецца шляхам размяшчэння там дадатковых паліцэйскіх груп хуткага рэагавання, падрыхтаваных для барацьбы з агрэсіўным натоўпам. Пры гэтым паліцыя ўжо трэніруе да выканання гэтай задачы вайскоўцаў і памежнікаў. У далейшым у Памежнай ахове таксама будуць створаны атрады хуткага рэагавання. Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк адзначыў, што такія падраздзяленні будуць выкарыстоўвацца для непасрэднай аховы мяжы ад наплыву нелегальных мігрантаў.
- Ахова мяжы сёння вымагае фізычна затрымоліваць парушальнікаў, асабліва калі яны атакуюць польскіх жаўнераў і супрацоўнікаў праваахоўных структур. У звязку з гэтым у нас ёсць юрыдычная база для выдалення тых людзей, якія сілай спрабуюць парушыць польскую мяжу. Нелагальны пераход мяжы з’яўляецца правапарушэннем, калі гэта робіцца арганізаванай групай – становіцца злачынствам.
Віцэ-міністр Чэслаў Мрочэк дадаў, што ўсё часцей будуць выкарыстоўвацца асабістыя камеры, якія фіксуюць працу афіцэраў Памежнай аховы і паліцыі, якія нясуць службу на польска-беларускай мяжы. Гэта прызначана для таго, каб паменшыць колькасць неадэкватных паводзін, а таксама абараніць саміх афіцэраў.
Пры гэтым сёлетняя складаная сітуацыя на польска-беларускай мяжы паўплывала на інтэнсіўнасць турыстычнага руху. Жыхары падляшскіх вёсак скардзяцца, што да іх прыязджае менш гасцей з іншых рэгіёнаў Польшчы, бо іх напалохала інфармацыя пра нелегальных мігрантаў і вялікую колькасць падраздзяленняў войска ды паліцыі. З Падляшша перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмбскі.
- Едучы з Беластока ў напрамку Гайнаўкі ці Семятыч рэдка сустракаюцца групы турыстаў. Часам бываюць асобныя раварысты. Жыхары Чарэмхі кажуць, што насамрэч у рэгіёне вельмі бяспечна, на што ўплывае прысутнасць вайскоўцаў ды праваахоўнікаў. Жыхары да вайсковых прызвычаіліся, але для наведвальнікаў – гэта стрэс, зазначаюць мясцовыя. Вайскоўцы імкнуцца несці службу так, каб не перашкаджаць жыхарам ды не палохаць турыстаў.
З гэтым бывае па-рознаму, і таму арганізатары вялікіх імпрэз, як напрыклад Этна фестывалю культуры і народаў у Чарэмсе вымушаныя адмыслова дамаўляцца з праваахоўнымі структурамі пра зменшаную актыўнасць войска. Распавядае арганізатарка фестывалю Барбара Козуб-Самосюк.
- Да нас было шмат пытанняў пра буферную зону. Яна насамрэч толькі 200 метраў, але нас пыталіся ці будуць правяраць гасцей, кантраляваць. Людзі сюды хочуць прыехаць на фестываль, каб весяліцца, а не каб кожныя паўгадзіны іх правяралі, дапытвалі адкуль яны і што тут робяць. Не кожны хоча паказваць машыну, каб яе правяралі ці там няма нелегальных мігрантаў. Мы сказалі ўсім прыязджайце, не будзе праблем. Я сустракалася з камендантам Памежнай аховы і прасіла, каб на час фестывалю абмежавалі грузавікі, якія ездзілі праз цэнтр Чарэмхі, каб паразмаўляў з войскам наконт скарачэння іх актыўнасці, каб не палохаць людзей. Насамрэч няма чаго баяцца, бо парушэння мяжы вельмі няшмат. Тым больш навошта палохаць войскам, якое часта некультурна і агрэсіўна паводзіцца ў дачыненні да нас мясцовых жыхароў. Некаторыя з нас да гэтага прызвычаіліся, я не. Таму я не хацела, каб з гэтым сутыкнуліся людзі, якія прыедуць сюды адпачываць. Не хацелася б, каб гасцей правяралі толькі за тое, што ў іх крыху цямнейшая скура.
Фестываль прайшоў выдатна без канфліктаў. Але прыклады канфліктных сітуацый у адносінах паміж вайскоўцамі на мяжы ды прыезджымі ўжо здараліся. У сярэдзіне ліпеня меў месцы інцыдэнт, калі група маладзёнаў нібыта затрымала і абражала жаўнераў, якія ахоўвалі польска-беларускую мяжу. Кадры здарэння з'явіліся ў інтэрнэце. Паліцыя пачала следства, а мясцовыя ўлады выступілі з заявамі ў падтрымку войска. Гаворыць войт гміны Нурчэк Норбэрт Ядчук.
- Жаўнеры носяць на мундзірах сцяг Польшчы, таму атака на мундзір, гэта адначасова атака на нашыя нацыянальныя сімвалы і на краіну. У выпадку такіх дзеянняў мы павінны рэагаваць станоўча і рашуча: няма згоды на абразу жаўнераў. Вінаватых трэба пакараць. Мы салідарныя з правахоўнымі службамі ды ўдзячныя за абарону польскай мяжы.
Незадаволенасць сітуацыяй выказвае і мясцовы бізнес. Прадпрымальнікі з Падляшша звярнуліся да ўрада з просьбай адкрыць памежны пераход з Беларуссю ў Баброўніках. Пра гэта яны гаварылі на сустрэчы з міністрам унутраных спраў і адміністрацыі Томашам Сямонякам, якая была арганізаваныя па ініцыятыве падляшскага дэпутата ад Грамадзянскай платформы Кшыштафа Трускаляскага.
- У першую чаргу ідзецца пра тое, каб прадпрымальнікі маглі далей нармальна працаваць. Мы размаўлялі пра тое, каб знайсці магчымасць адчыніць хаця бы адзін памежны пераход з Беларуссю. Прадпрымальнікам адразу стане лягчэй. Звяртаю ўвагу, што ў люблінскім ваяводстве два пераходы адкрытыя, а ў падляшскім – не.
Польскі ўрад зазначае, што на дадзены момант няма простага рашэння адносна аднаўлення памежнага руху з Беларуссю. Гэта звязана з палітычнай сітуацыяй у Беларусі ды тым, што рэжым Лукашэнкі інструменталізуе мяжу, арганізуючы наплыў нелегальных мігрантаў, з мэтай змусіць ЕС ды Польшчы адмяніць накладзеныя на дыктатар санкцыі за парушэнні правоў чалавека, масавыя рэпрэсіі ды гібрыдныя атакі на суседзяў.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч